?

Log in

No account? Create an account
Previous Entry Share Next Entry
Гаўрыла Гарэцкі - вельмі раю прачытаць
michalevic
Прапаную Вашай увазе "пакаяньні" чалавека, які зрабіў на мае погляды найвялікшы ўплыў. Гаўрыла Гарэцкі - эканаміст, нацыянальны дзяяч. Асоба, якую тры разы прыгаворвалі да сьмяротнага пакараньня, і якая памерла сваёй сьмерцю ва ўзросьце 88 гадоў. Чалавек, які распрацаваў мадэль Новай Беларусі, якая вельмі нагадвае Беларусь сёняшнюю. За невялікім выключэньнем: ён марыў пра Беларусь беларускамоўную, эўрапейскую і незалежную. З адчуваньнем, што яго зьнішчаць, ён "сазнаўся" у сваіх "шкодніцкіх" дзеяньнях, каб пакінуць нам палітычны запавет.

Паказаньні Г. І. Гарэцкага ад 17-18.ІІІ.31 г.

Прызнаю, што ў маёй дзейнасьці на БССР былі наступныя моманты шкодніцтва:
1. Ува ўсіх сваіх тэарэтычных разважваньнях і вынікаючых з іх практычных мерапрыемствах у галіне як народнай, гэтак і сельскай гаспадаркі, я выходзіў ня столькі (і ня толькі) з патрэб сацыялістычнага будаўніцтва пралетарскай дзяржавы, усяго СССР, а галоўным чынам, а часам выключна, з патрэб незалежнасьці Беларусі, як зусім паасобнай самастойнай краіны-дзяржавы.
2. Ставячы галоўнай мэтай усёй сваёй дзейнасьці ажыцьцяўленьне нацыянальнага рэнесансу Беларусі, стварэньне самастойнай беларускай нацыянальнай культуры, -- я, як эканаміст, накіроўваў сваю тэарэтычную думку і практычную працу на стварэньне грунтоўных пастаў гэтае нацыянальнае культуры – гэта знача стварэньне незалежнае беларускае эканомікі, стварэньне сваясаблівай, арыгінальнай і самабытнай сыстэмы (нацыянальнай сыстэмы) беларускае народнае гаспадаркі.
3. Cыстэма беларускае народнае гаспадаркі ў мінулым (яе я даследваў у сваёй працы “Нацыянальны прыбытак Беларусі”) насіла пераходныя рысы, мела дадатковы характар у адносінах да расійскае і польскае сыстэм нар. гаспадаркі. Савецкі лад дзяржаўнага і гаспадарчагыа будаўніцтва, як кардынальна зьмяняючы старую сыстэму нар. гаспадаркі, я разглядаў, як выключна спрыяючы дзеля перабудаваньня старой беларускай гаспадаркі ў новую, нацыянальную, устойлівую сама ў сабе, сыстэму. Таму я імкнуўся скарыстаць савецкае гаспадарчае будаўніцтва ў сваіх нацыянальных мэтах, зразумела, паколькі гэта магчыма.
4. Галоўнымі элементамі ў стварэньні нацыянальнае сыстэмы народнае гаспадаркі Беларусі я лічыў і ажыцьцяўленьня іх дабіваўся
а) індустрыялізацыя і “звыш-індустрыялізацыя Беларусі”, як сродак прыданьня нар. гаспадарцы найбольшай устойлівасьці, зроўнаважанасьць прамысловасьці і сел. гасп., самастойнасьці; як сродак узрастаньня беларускіх нацыянальных гарадоў, нацыянальнага пралетарыяту і г. д..; разам з тым індустрыялізацыя Беларусі выклікае пераліў у БССР сродкаў на капітальныя ўкладаньні з агульных фондаў СССР.
б) мэтазгоднае з нацыянальнага пункту погляду размяшчэньне (штандорт) прамысловых прадпрыемстваў на тэрыторыі БССР, стварэньне нацыянальных індустрыяльныхцэнтраў. У старой сыстэме бел. нар. гаспадаркі самыя буйныя прамысловыя раёны былі разьмешчаны па акраінах этнаграфічнай Беларусі: Беластоцка-Берасьцянскі раён, Віленскі, Дзьвінскі, Віцебскі, Гомельска-Клінцоўскі, чым дапамагалі цэнтрабежнасьці бел. гаспадаркі і дэнацыяналізацыі Беларусі. Таму ў БССР з майго погляду трэба было індустрыялізаваць г. ч. цэнтр яе, а не акраіны, у прыватнасьці трэ’ было індустрыялізаваць Менск, як сталіцу будучай аб’яднанай этнаграф. Беларусі.
в) прыданьне сыстэме бел. сел. гаспадаркі арыгінальных рысаў, якія б рэзка адрозьнівалі яе ад сыстэмы сел. гаспадаркі суседніх абласьцей РСФСР – гэта я бачыў магчымым дасягнуць у ператварэньні жывёлаводнае сыстэмы с. г. Беларусі ў прамыслова-тэхнічную сыстэму; разам з тым гэта выклікала б прыліў капіталаўкладаньняў у БССР з агульна-саюзных фондаў.
г) замацаваньне самабытнай формы сел. гасп. Беларусі – гэту форму я бачыў у пасёлках; я быў прыхільнікам іх пашырэньня.
5. Стварэньне нацыянальнай сыстэмы народнае гаспадаркі Беларусі я разглядаў, як базу дзеля ўсяго далейшага дзяржаўнага нац. будаўніцтва, а разам з тым, як базу тых клясавых груп, якія з майго погляду п. б. стаць носьбітамі нацыянальнага рэнесансу; гэтыя базы я бачыў з аднго боку ў коапэраваным селяніну-серадняку і з другога боку ў маладым беларускім пралетарыяце. Я спадзяваўся на вялікую жывучасьць сялянскай серадняцкай гаспадаркі і мала верыў у магчымасьць калектывізацыі беларускае інтэнсіўнае сел. гаспадаркі. Першыя посьпехі калектывізацыі сел. гаспадаркі Беларусі я разглядаў, як чуда, як другую рэвалюцыю.
Вось чаму ў 1925—27 гг. я стаяў за значныя капітальныя ўкладаньні ў сялянскую сел. гаспадарку, за яе моцнае крэдытаваньне, разьвіцьцё яе таварнасьці, за бухарынскі каапэрацыйны плян, наогул за сыстэму поглядаў, якая зараз вядома пад назвай права-апартуністычнай, беларускай прышчэпаўшчыны і г. д.
У адносінах да беларускага кулака, пад якім я разумеў буйнага гаспадара-шляхціца і якога я разглядаў, як галоўную фігуру ў дэнацыяналізацыі Беларусі, я ставіўся варожа. Таму ў свой час я горача вітаў абрэзку кулацкіх гаспадарак, але разам зтым я падтрымліваў і ідэю парцэляцыі паміж сялянамі дробных саўгасаў.
6. Выходзячы з нацыянальных меркаваньняў, я быў супраць вялікага перасяленьня сялян з Беларусі – а ў той час мяркавалася высяліць да 480.000 чалавек на працягу пяцігодкі. Сродкам па зьнішчэньню аграрнай перанаселенасьці Беларусі, апрача інтэнсіфікацыі сел. гаспадаркі, я лічыў шырокую па ахопу і шыбкую па тэмпу мэліарацыю балот Беларусі. На асушаных балотах, мне здавалася, можна будзе стварыць унутры-беларускія сялянскія калёнізацыйныя фонды. Вось чаму я стаяў як за пераважную форму сел. гаспадаркі на балотах не за буйную саўгасную гаспадарку, а за гаспадрку сялянскага тыпу.
7. Не спыняючыся зараз на далейшым развіцьці сваіх экан. поглядаў, а толькі робячы ім падагульненьне, я мушу сказаць, што іх найхарактэрнейшай рысай зьяўлялася падпараткаваньне момантоў эканамічнай палітыкі момантам палітыкі нацыянальнай. Калі ж узяць сутнасьць маіх поглядаў, дык пра яе можна сказаць,што гэта сыстэма эклектычных поглядаў дробна-буржуазных эканамістаў у нацыянальным беларускім асьвятленьні і выяўленьні.
8. У нацыянальным пытаньні я займаў такую пазіцыю, якую можна назваць сацыял-нацыяналізм; ні нацыял-рэакцыанэрам, ні нацыянал-дэмакратам, у тэрміналёгіі і разуменьні Леніна, я ня быў.
Нацыянальнае пытаньне зьяўлялася для мяне часамі як-бы самамэтай, яно засьцінала сабою сацыяльны бок справы. Той правільнай расстаноўкі нацыянальнага і сацыяльнага, аб якой гаворыць Ленін у сваіх творах (сацыяльнае на 1-м, нацыянальнае на 9-м месцы), у мяне не было.
9. Нацыянальную палітыку савецкай улады, так як яна канкрэтна выяўлялася ў БССР, я лічыў да 1924 г. дэклярацыйнай, а з 1924 г., пасьля пашырэньня БССР, пачаў глядзець на яе, як на зусім рэальную палітыку, але не здавальняючую па тэмпах.Асабліва быў я супроць надта марудных тэмпаў беларусізацыі савецкага цэнтральнага апарату і вышэйшых навучальных устаноў.
10. Праведзенае двойчы пашырэньне БССР я разглядаў, як усё йшчэ не закончанае і ня поўнае. Я лічыў абавязковым далейшае пашырэньне БССР за кошт далучэньня рэштак Гомельшчыны і Віцебшчыны і часткі Смаленшчыны, т. зв. Усходняй Беларусі.


  • 1
"Праведзенае двойчы пашырэньне БССР я разглядаў, як усё йшчэ не закончанае і ня поўнае. Я лічыў абавязковым далейшае пашырэньне БССР за кошт далучэньня рэштак Гомельшчыны і Віцебшчыны і часткі Смаленшчыны, т. зв. Усходняй Беларусі."-я таксама так думаю
Мужны чалавек!

раней гэтага не бачыў, цікава было пачытаць.

Яшчэ у Гарэцкага па эканомiцы забойныя рэчы былi. А Ты на эканомфаку вучысься?

так, на эканамфаку. было б даволі цікава пачытаць гэтыя рэчы.

Даруй, доўга не адказваў. Напішы, калі ласка, на мой мэйл, і перадам Табе некалькі кніжак. На жаль, самае цікавае не перавыдавалася. Але і тое, што ёсьць, таксама цікавае.

Гераічная праца.
Скажы, Алесь, ты маеш нейкую інфу пра эканамічныя працы Гарэцкага? Перадай, калі ласка, і мне.

Калi запicаны у Нацыяналку - там усе есьць. Сустрэнемся - напiшу.

  • 1